4 жніўня адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды на фасадзе будынка Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея яго заснавальніку і першаму дырэктару Міхаілу Петрыкевічу (1913-1999). Ды і нагода была: сёлета Міхасю Петрыкевічу спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння. У гэты дзень сабраліся людзі, якія захоўваюць гістарычную памяць малой радзімы. У Дзятлава прыехалі на ўрачыстасць пісьменнікі і краязнаўцы з іншых рэгіёнаў Беларусі. А свята распачала дырэктар музея Дзінара Харошка і супрацоўнік ідэалагічнага аддзела Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько. Выступоўцы адзначылі вялікі ўклад Міхася Петрыкевіча ў гісторыю Дзятлаўскай зямлі і ў тое, што ён пакінуў Дзятлаву добры музей. Калі б не Петрыкевіч, то Дзятлаўшчына не мела б такога ўнікальнага музея, які ёсць сёння. Словы падзякі за памяць пра бацьку сказаў сын Міхася Петрыкевіча Валер Петрыкевіч. Сяргей Чыгрын прачытаў верш, прысвечаны Петрыкевічам. А барды Таццяна Матафонава з Менска, Міла Ражкова з Масквы і Сяргей Чарняк з Ліды выканалі некалькі песень на словы беларускіх паэтаў. Мемарыяльную шыльду Міхасю Петрыкевіча ўрачыста адкрылі сын і ўнучка Міхася Петрыкевіча. А потым у выставачнай зале музея адбылася невялікая імпрэза памяці заснавальніка музея. Яго супрацоўнікі распавядалі пра жыццёвы шлях Міхася Петрыкевіча, паказалі шмат слайдаў з яго дзейнасці, прыгадалі шчырымі словамі гэтага апантанага і зацікаўленага ў музейнай справе чалавека, які зусім нядаўна жыў на Дзятлаўшчыне.
Згадвае яго сын Валеры Петрыкевіч, які і сам вялікія намаганні прыклаў да развіцця беларускага краязнаўчага руху на Дзятлаўшчыне.
– Бацька вагаўся: ехаць ці не ехаць, усё ж за 50 гадоў, хутка на пенсію. І ўсё-такі ў 54-гадовым узросце ён прыехаў сюды і апантана за год і тры месяцы з нуля сабраў амаль 6 тысяч экспанатаў. Сабраць іх – гэта адна справа. Трэба ж было яшчэ аформіць залы, адкрыць экспазіцыю, скончыць рамонт будынка. Было вельмі складана, ён спаў па 4 гадзіны, не болей. У 6 гадзін ён ужо быў на нагах. А колькі ён аб’ездзіў ды абхадзіў…
Арганізатары свята спадзяваліся, што, апрача мемарыяльнай дошкі на мурах Дзятлаўскага гістарычна-края-знаўчага музея, гэтая культурная ўстанова таксама будзе насіць імя Міхася Петрыкевіча. Але гэтага не адбылося.
Беларускае Радыё Рацыя.