Першую экспедыцыю па сцежках рэпрэсаванай Нясвіжчыны зладзіла днямі мясцовая ТБМ.
У кароткі аднадзённы тур сваіх сяброў па суполцы запрасіў журналіст і краязнаўца Валер Дранчук. Ён паказаў два аб’екты фізічнага гвалту і духоўнага тэрору ў вёсцы Новыя Навасёлкі, адкуль родам ягоны бацька і дзе на вясковых могілках ляжаць ягоныя дзяды, – ацалелую хату раскулачанага і сасланага ў Казахстан Ігнася Дранчука і рэшткі заняд-банага храма, помніка архітэктуры ХVIII стагоддзя (сёлета акурат 80 гадоў, як у ім не гучыць малітва, 1939 – 2019).
– Юбілей красамоўны, я не мог яго прапусціць, адзначыў гістарычную дату выпускам календара, цалкам прысвечанага гісторыі касцёла, – пасведчыў В. Дранчук, паказваючы маляўнічыя старонкі аўтарскага выдання. – Рэч у тым, што я фатаграфую касцёл больш як трыццаць гадоў. Зрабіў графічную рэканструкцыю, сабраў крыху звестак, хоць яшчэ недастаткова… Гэта праект дзеля памяці і агульнага абавязку.
У 2002-2003 гг. справа аднаўлення касцёла (з далейшым выкарыстаннем на дзве канфесіі – каталіцкую і праваслаўную) набыла прыкметны народны рух. Актывізаваўся збор сродкаў сярод жыхароў навакольных вёсак, да праекту рэстаўрацыі далучыліся менскія архітэктары. Паслугі прапанаваў “Беларускі народны банк”. Бліжэйшым летам збіраўся прыехаць атрад валанцёраў. На жаль, мясцовая ўлада (старшыня сельсавета Пянкрат) раптоўна адклікала ўсе дакументы, спыніла працэс нібыта на загад райвыкан-кама.
– Людзям было цяжка патлумачыць, што адбылося. – прыгадвае Валер Дранчук. – Расчараванне, роспач. Выглядала на шкодніцтва, на палкі ў колы. Па часе прыйшла думка працягваць справу крыху інакш. Напрыклад, сёлетняй вясной на фасаднай сцяне з’явіўся абраз, да якога можна па-дысці і сказаць малітву. Інфармацыйны стэнд з гістарычнымі і бягучымі звесткамі…
Падчас экспедыцыі разам з Валерам аднадумцаў з Нясвіжа сустракаў і Валянцін Гладкі, які апошні час не пакідае Новыя Навасёлкі, дзейна далучыўся да адраджэння храма. Спадар Гладкі першым чынам запрасіў гасцей падыйсці да сцен напаўразбуранай святыні і з кучы “святога друзу” дастаць колькі цаглінаў, пакласці іх на адмыслова ўсталяваны паддон.
– Як бачыце, мы тут аформілі нават таблічку з абвесткай, каб гэта мог зрабіць кожны, – патлумачыў Валянцін. – А з парэшткаў плануем пабудаваць бліжэй дарогі невялічкую дэкаратыўную каплічку.
Няцяжка заўважыць, што перад уваходам, забітым дошкамі, побач з дзяржаўнай “ахоўнай шыльдай” з’явіліся кветкі.
– Клумба пашыраецца, вяскоўцы патрошку падсаджваюць, – працягвае Валянцін. – Калі мы тут нешта робім, да нас падыходзяць людзі, цікавяцца. Сваю “палітыку” мы не хаваем, тлумачым. Хто з Богам у сэрцы, горача падтрымлівае… На Радаўніцу ці ў восеньскія Дзяды на могілках бывае людзей. І ўсе ж бачаць, што нешта зрушылася, ажыло. На гэты эфект мы і разлічваем. Бо храм дае ўсім нам шанец. Сваю падтрымку абяцае кіраўніцтва агракамбіната “Нясвіжскі”, ксёндз з Нясвіжа дабраславіў нас на далейшы клопат, падзяляе спадзеў, што маленькія справы ўрэшце абернуцца сапраўднай будоўляй, больш маштабным аднаўленнем.
Другім аб’ектам экспедыцыі-пілігрымкі ў Новыя Навасёлкі стала “Хата рэпрэсаванага селяніна”. Менавіта так называе Валер Дранчук свой даўні праект – размясціць у хаце, з якой па волі не-хрысцяў і бандытаў пайшлі ў незваротны свет ягоныя родзічы, музейную экспазіцыю раскулачванняў на Нясвіжчыне. Так, ні дваюрадны дзед Ігнась, ні тры цёткі Валера – Ніна, Марыя і Геня – не вярнуліся на радзіму ў Новыя На-васёлкі, у сваю родную хату. Пакуль выжывалі ў чужыне, тут, у іхнім родавым гняздзе, па чарзе займалі месца то “ізба-чытальня”, то пошта, то сельскі савет. А сёння ў хаце Ігнася Дранчука жывуць перасяленцы з Расіі.
Другой радзімай сям’і стала Польшча, горад Пулавы. Валер кажа, што ў 2005 годзе яму пашчасціла абняць 100-гадовую спадарыню Зосю, верную спадарожніцу дзеда Ігнася, у дзень яе юбілею, які стаў сапраўдным муніцыпальным святам Пулаваў. Шкада, не было ўжо на гэтым свяце гаспадара з Новых Навасёлак, які разам з братамі наважыў-прадпрыняў рызыкоўную справу – пабудаваў свой млын…
– Хату Ігнася, спадзяюся, мы неяк прыбярэм да рук, – разважае Валер Дранчук. – На гэта ёсць пэўныя юрыдычныя падставы. І на правах уласнікаў зробім тут прыватную экспазіцыю, якая будзе адлюстроўваць трагічныя падзеі на Нясвіжчыне. Час бяжыць хутка, змяняюцца пакаленні, і гісторыю гэтай хаты ўжо мала хто і ведае ў вёсцы. Гэта крыўдна. Бо затоптваецца памяць, рвуцца повязі часу. Сёння мала казаць пра пагрозы глабалізацыі ці расейскай акупацыі. Трэба ведаць, дзе ты жывеш і што шануеш. Пагроза бяспамяцтва для нас, беларусаў, нашмат страшней. Мы бачым, што за апошнія дзесяцігоддзі адбылася зачыстка краязнаўства. Што яго ператвары-лі ў трэцеразрадны прыдаткавы музейны баласт. А ў суседніх Стоўбцах нават гэтага няма. Нясвіж хоць і мае свой краязнаўчы музей, але і тут ажыўленне заўважаецца хіба тады, калі аднекуль прывозяць экзатычных птушак ці нейкую (далёка не партызанскую) зброю. Гэта палітыка сён-няшняй дзяржавы. Задумы рэферэндуму-1995 планамерна выконваюцца. Змена сімволікі, герба. Русіфікацыя. У гэтай знішчальнай плыні і краязнаўства. Таму наша супольнасць мусіць браць на сябе тое, што не будзе рабіць улада.
Падводзячы вынікі экспедыцыі, старшыня раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса заўважыла, што бачыць вялікі сэнс у тым, каб развіваць кірунак “рэпрэсаванай Нясвіжчыны”, планаваць наступныя экспедыцыі, ствараць краязнаўчы рух.
– Прыклад Валера і Валянціна пераканальны, – сказала яна. – Можна рухацца малымі крокамі, пакуль без вялікіх грошай. Можна запальваць надзею. Знічы памяці абуджаюць людзей і разганяюць цемру…
Вольга Карчэўская.