“А. І. Смолік стварае галерэю партрэтаў творцаў беларускай культуры, адкрываючы забытыя імёны.”
Б.У. Святлоў.
Вядомаму беларускаму на-вукоўцу, доктару культуралогіі, прафесару Аляксандру Іванавічу Смоліку ў кастрычніку споўнілася 75 гадоў. Разам з гэтым юбілеем было адзначана 20-годдзе запачаткавання беларускай культуралагічнай школы. Мы пагутарылі з шаноўным прафесарам на кафедры культуралогіі БДУКіМ.
Аляксандр Іванавіч нарадзіўся ў в. Каловічы Вілейскага раёна ў 1944 годзе. Пасля заканчэння Вілейскай агульнаадукацыйнай школы ён працаваў у рэдакцыі раённай газеты ” Шлях перамогі”. У 1964 годзе будучы навуковец паступіў на гістарычны факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Горкага і скончыў яго ў 1968 годзе. А.І. Смолік вучыўся ў аспірантуры, абараніў кандыдацкую дысертацыю ў МДПІ і працаваў дацэнтам у інстытуце, у 1979-1922 гадах быў дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. З 1992 года на працягу 15 гадоў А.І. Смолік быў першым прарэктарам БДУКіМ, ён спалучаў арганізацыйна-педагагічную працу з навуковай дзейнасцю, што дазволіла абараніць першую ў Беларусі доктарскую дысертацыю па тэорыі і гісторыі культуры (1999). З 2006 года Аляксандр Іванавіч Смолік узначальваў кафедру гісторыі Беларусі і музеязнаўства, а з 2008 года ён загадвае кафедрай культуралогіі БДУКіМ.
– Аляксандр Іванавіч, з якой падзеяй звязана 20-годдзе беларускай культуралагічнай школы?
– 10 снежня 1999 года ў нашай краіне была абаронена першая доктарскай дысертацыя. На постсавецкай прасторы такой навукі, як культуралогія, не было, дамінаваў марксізм і навуковы камунізм, (сацыялогія, паліталогія і культуралогія лічыліся буржуазнымі навукамі). Пасля таго, як утварылася наша суверэнная дзяржава, пачалося фарміраванне сістэмы гуманітарнай адукацыі, і тады замест палітызаваных дысцыплін у ВНУ было ўведзена выкладанне культуралогіі. Яе выкладалі гісторыкі, філолагі. Мы, як Універсітэт культуры, вырашылі стварыць цэнтр па падрыхтоўцы сапраўдных культуралагічных кадраў. У 1998 годзе ВАК дазволіла нам стварыць савет па абароне дысертацый па культуралогіі, і ў 1999 годзе адбыліся дзве абароны: кандыдацкай і доктарскай ды-сертацый.
– Гэта была як раз Ваша доктарская дысертацыя?
– Так, абарона доўжылася 6 гадзін пры вялікім прадстаў-ніцтве навуковай супольнасці. Мая праца была прысвечана даследванню існавання культуры і яе патэнцыялу ў трагічных умовах пасля Чарнобыльскай катастрофы, у ёй была прасочана сацыя-дынаміка культуры ў посткатаст-рофным соцыюме. Адбываўся вялікі стрэс, і культура дапамагала выжыць у той час. Я ўдзельнічаў у многіх канферэнцыях, кантактаваў з медыкамі, біёлагамі, земляробамі, едзіў па Гомельшчыне і Магілёўшчыне, выкладаў у філіяле нашага ўніверсітэта ў Мазыры.
Ва ўсім свеце шырока лечаць не толькі таблеткамі і ўколамі, але і мастацтвам. Існуе музыкатэрапія, хоратэрапія. Я быў у Германіі і бачыў, як у аптэках прадаваліся рэпрадукцыі карцін і кнігі, дыскі з музыкай. У залежнасці ад самаадчування можна рэкамендаваць адну кнігу ці іншую, якая выпраўляе саматычны стан, здымае трывогу. Арт-тэрапія вельмі развіта. Адзін час мы шмат усяго рабілі на Гомельшчыне.
У нашым універсітэце пачалі адкрывацца новыя спецыяльнасці, такія, як рэабілітацыя сродкамі культуры і мастацтва. Культура мае вялікую гаючую сілу.
Сёння мы маем пяць дактароў навук у галіне культуралогіі ў краіне і 40 кандыдатаў навук ва ўсіх рэгіёнах. Наш Універсітэт з’яў-ляецца вядучай метадалагічнай установай у галіне культуралогіі. Новы Універсітэт імя Ніла Гілевіча мае намер развіваць культуралагічную адукацыю, і мы падтрымалі яго кіраўніцтва ў гэтым намеры.
– У Вашых манаграфіях Вы ствараеце культурны імідж Беларусі, вывучаеце і папулярызуеце жыццё і дзейнасць такіх асобаў, як К. Тураўскі, Т. Зан, Я. Чачот, Я. Карскі, Е. Раманаў, В. Доўнар-Запольскі, А. Сержпутоўскі.
– Мы заснавалі такую серыю выданняў. У ёй выйшла мая манаграфія “Божы дар Івана Кандрацьева” пра нашага генільнага суайчынніка, драматурга, пісьменніка, краязнаўца, майго земляка, аўтара шырокавядомых песень “По диким степям Забайкалья”, “Очаровательные глазки”. Сярод твораў Івана Кандра-цьева нямала песень, дум, былін народных казанняў, заснаваных пераважна на беларускім, польскім, літоўскім, украінскім фальклоры. І.К. Кандрацьеў быў выдатным знаўцам песеннай творчасці і разглядаў песню як сродак самавыяўлення народа. Ёсць думка, што песня “По диким степям Забайкалья” напісана пад уражаннем паўстання 1863-64 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.
У часопісе “Народная асвета” я вяду рубрыку “Студыя культуры і прыгажосці” пра нашых славутых творцаў у галіне духоўнай культуры. У гэтым годзе выйшлі мае артыкулы пра Станіслава Манюшку і пра Надзею Хадасевіч, простую сялянскую дзяўчыну, якая з любові і цікавасці да мастацтва дабралася да Парыжа, стала вучаніцай Фернана Ляжэ і яго жонкай. У мяне два дзесяткі нарысаў пра знакамітых асобаў.
Мы заснавалі Тышкевіцкія чытанні, якія перакрочылі межы нашай краіны і адбыліся ў Літве. Разам з настаўнікамі і бібліятэкарамі мы правялі добрую канферэнцыю ў Барысаве. Наступныя, 8-ыя чытанні мы будем праводзіць з кафедрай для прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі ў Ружанах.
– Вы напісалі кнігу “Беларуская культуралогія: гісторыя і сучаснасць” і адзначылі ў ёй нават дасягненні Вашых паслядоўнікаў?
– У ёй я зрабіў экскурс ў гісторыю і прасачыў развіццё культуралагічных ведаў ад Ефрасінні Полацкай да нашых дзён. Культуралогія імпліцытна развівалася ў межах іншых дысцыплін, ёй займаліся гісторыкі і фалькларысты.
Сярэднявечча – гэта перыяд высокай духоўнай культуры. Я вяду імпліцытныя культуралагічныя веды ад Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўраамія Смаленскага, бо ў іх шмат культуралагічных інтэнцый – разважанняў пра каштоўнасці, духоўнасць, прызначэнне чалавека.
Міністр культуры Барыс Святлоў падтрымаў выданне кнігі, і яна выйшла вялікім накладам, разышлася па ўсіх асветніцкіх ус-тановах і бібліятэках. З Ібрагімам Канапацкім мы выдалі кнігу “Гісторыя культуры беларускіх татар”, яна цяпер выкарыстоўваецца ў мусульманскіх школках пры мячэцях. Мая місія як навукоўца, загадчыка кафедры і педагога -спрыяць адраджэнню і развіццю беларускай культуры. Я выкладаю сваім студэнтам толькі на беларускай мове. Артыкулы і падручнікі пішу таксама па-беларуску.
– Вы распрацавалі праграму для студэнтаў, кіруеце магістарскімі, кандыдацкімі і доктарскімі дысертацыямі. Ваш сын Дзяніс Аляксандравіч – таксама кандыдат культуралогіі?
– Так, і яго жонка, прафесар, працуе на нашай кафедры. У нас культуралагічная сям’я. Унук скончыў БДУІР, унучка – на другім курсе Лінгвістычнага універсітэта.
У гэтым годзе два дактаранты прыходзяць на кафедру, зараз у нас – 21 аспірант. Кожны год мы дадаём 4-5 кандыдатаў навук, пашыраем нашу навуковую супольнасць. Будзем спадзявацца, што з цягам часу з’явяцца новыя грунтоўныя доктарскія даследванні.
Акрамя таго, сёння на кафедры 20 кітайцаў выконваюць магістарскія працы і дысертацыі па праблемах кітайскай і беларускай культуры, і вучацца 6 аспірантаў з розных універсітэтаў Кітая.
– Шчыра дзякуем за сустрэчу, жадаем Вам моцнага здароўя і плёну ў дзейнасці!
Гутарыла Э. Дзвінская,
фота аўтара
На здымку : прафесар А.І. Смолік.