У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 6 чэрвеня адбылася VIII Навукова-практычная канферэнцыя “Электронная культура”. На ёй абмяркоўваліся сучасныя тэндэнцыі папулярызацыі дзейнасці бібліятэк, музеяў і іншых устаноў культуры ў электроннай медыяпрасторы.
– Усё большую ролю ў працы ўстаноў культуры адыгрываюць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія павышаюць эфектыўнасць іх дзейнасці, і пашыраюць магчымасці папулярызацыіі культурнай спадчыны, – падкрэсліў намеснік міністра культуры Сяргей Іванавіч Шарамеццеў. – Гэта важна для моладзі, якая арыентавана на візуальны лічбавы фармат успрыняцця інфармацыі. Установы культуры выпрацоўваюць сваю стратэгію і праграму інфармацыйнай дзейнасці.
Загадчык упраўлення дыстанцыйных і адукацыйных паслуг навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Гюльнара Юстынская распавяла пра праектную дзейнасць па захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны ў электронным асяроддзі. Яна паведаміла пра паспяховае развіццё Нацыянальнага адукацыйнага партала www. adu.by, які спрыяе адукацыйнаму працэсу, падрыхтоўцы моладзі да экзаменаў, турніраў, алімпіяд і конкурсаў.
– Віртуальная прастора раскрывае новыя магчымасці для працы з кнігамі, – адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша. – Кніжныя помнікі ад моманту стварэння перажываюць час іх выкарыстання, старэння і забыцця. І часам адбываецца іх уваскрасенне. Помнік культуры, які цудам захаваўся, праз стагоддзі пераасэнсоўваецца па-новаму ў сучаснасці, прыходзіць разуменне, што гэты артэфакт з’яўляецца для нас важным, і пачынаецца яго новае жыццё. Так адбылося з кнігамі Францішка Скарыны.
Другое жыццё кнігі набываюць як помнікі кніжнай культуры. Яны выконваюць для нас эстэтычныя, выхаваўчыя і адукацыйныя функцыі. Яны апісваюцца, абмяркоўваюцца і папулярызуюцца. Кніжная спадчына можа быць прадстаўлена тысячам людзей. Электронныя копіі сведчаць пра рэальнае існаванне рэдкіх помнікаў кніжнай культуры. Ці, напрыклад, па іх можна пераканацца, што Статут Вялікага Княства Літоўскага быў напісаны на беларускай мове. Мы ўсведамляем праз дзесяцігоддзі каштоўнасць Берасцейскай Бібліі, самага яркага помніка кніжнай культуры ХVI стагоддзя, і Радзівілаўскай бібліятэкі. Віртуальная прастора дазваляе больш поўна аналізаваць і папулярызаваць кніжныя помнікі.
Вольга Бандарчук распавяла пра тое, што сёння публічныя бібліятэкі краіны шырока прадстаўлены ў віртуальнай прасторы.
Кацярына Навіцкая паведаміла пра цікавыя віртуальныя праекты Беларускага Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Вядучы бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Лаўрык падзялілася апове-дам пра папулярызацыю выданняў літаратурнага аб’яднання “Маладняк” у інфармацыйнай прасторы. Аляксей Генадзевіч Бураўкін распавёў пра 3D-мадэляванне помнікаў архітэктуры ў інтэрнет -прасторы.
Вялікую цікавасць выклікала паведамленне Аляксандра Рашэтняка пра стварэнне электроннай шматфункцыянальнай карткі для вучняў. З такой карткай вучань можа плаціць за харчаванне, за паслугі сувязі, можа карыстацца бібліятэкай. На картцы змогуць быць запісаныя дадзеныя медыцынскага агляда і іншыя неабходныя ў практыцы рэчы.
Вячаслаў Брычкоўскі распавёў пра папулярызацыю анлайн-рэсурсаў па культуры і мастацтву на сайце “Беларусь у інфармацыйнай прасторы”.
На канферэнцыі таксама вялася гаворка пра навейшыя дасягненні ў сферы інфарматызацыі культуры, пра праектную дзейнасць па захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны ў электронным асяроддзі, пра арганізацыю электронных паслуг, усталяванне сістэм электроннага архівіравання і апрацоўкі дадзеных, пра падрыхтоўку віртуальных выстаў і экспазіцый, стварэнне ўстановамі культуры карпаратыўных рэсурсаў, распрацоўку анлайн-курсаў і пра іншае.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.
- Сяргей Шарамеццеў;
- Раман Матульскі;
- Алесь Суша;
- Кацярына Навіцкая.