Навукоўцы з Германіі і Беларусі падрыхтавалі план працы ў рамках двухбаковай гістарычнай камісіі, паведаміў амбасадар ФРГ Петэр Дэтмар 15 траўня на сустрэчы са старшынём Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам з нагоды завяршэння сваёй дыпмісіі.
Дэтмар нагадаў, што стварэнне падобнай камісіі абмяркоўвалася ў чэрвені мінулага года падчас візіту ў Менск федэральнага прэзідэнта Германіі Франка-Вальтара Штайнмайера. Экс-кіраўнік германскай дыпламатыі тады прыняў удзел у адкрыцці другой чаргі мемарыяла на месцы канцлагера ў Трасцянцы.
– Я асабліва рады таму, што вынікам рашэння прэзідэнтаў стала супрацоўніцтва паміж гісторыкамі нашых краін. Яны сустракаліся ўжо два разы. Распрацаваны вельмі станоўчы і перспектыўны працоўны план, які адносіцца да сумеснай перапрацоўкі нашага мінулага з навуковага пункта гледжання, – сказаў дыпламат.
Пры гэтым ён нагадаў словы Штайнмайера пра тое, што Беларусь трэба ўспрымаць як “самастойную незалежную дзяржаву”.
Пра тое, што Германія і Беларусь маюць намер стварыць агульную гістарычную камісію, Штайнмайер паведаміў на міжнароднай канферэнцыі “Памятаць дзеля агульнай еўрапейскай будучыні” 29 чэрвеня 2018 года ў Менску. Па яго словах, гэта пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка.
– Спадар Лукашэнка гатовы падумаць пра тое, як выкарыстоўваць сённяшнюю падзею, якая з’яўляецца гістарычнай, – каб у нас была яшчэ не еўрапейская, але ўжо агульная культура памяці, – заявіў прэзідэнт ФРГ. – Стварэнне агульнай камісіі гісторыкаў два-тры гады назад менавіта з Беларуссю мы не маглі сабе ўявіць.
Naviny.by.