Я – беларус.
Мая родная мова – беларуская.
Васіль Быкаў.
28 – 360 – 984 (амаль тысяча) – такія вынікі колькаснага ўдзелу ў Агульнанацыянальнай дыктоўцы на Нясвіжчыне за апошнія гады.
Першыя 28 сабраліся ў Нясвіжскай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы ў Дзень роднай мовы два гады таму.
– І пісаць, і дыктаваць было вельмі хвалююча, – кажа Наталля Богдан, якая тады дыктавала.- Вельмі ж непрывычнае мерапрыемства. Зазвычай у нас у бібліятэцы чытаюць, слухаюць, часам спяваюць, а тут пішы, як школьнік. Але спадабалася. Здаецца, што кожны крышку аж памаладзеў. Людзі былі больш сталага веку, правілы тыя школьныя ўжо пазабываліся, дык і пытанні задавалі. А чаму патрэбна коска? А чаму тут няма мяккага знака?
У мінулым годзе асноўнай пляцоўкай таксама была раённая бібліятэка, але добры прыклад на карысць роднай мовы актыўна падтрымалі яшчэ ў чатырох установах горада – педкаледжы імя Якуба Коласа, гімназіі, СШ №4, дзіцячым садку “Караблік дзяцінства” – і дзвюх вясковых школах. Разам атрымалася 360 удзельнікаў.
І сёлета яны, надзейныя сябры Агульнанацыянальнай дыктоўкі, вялі рэй, ператвараючы будзённа-прывычнае для школы (не ў навіну ж тут пісаць пад дыктоўку) ва ўрачыстую, глыбока сімвалічную дзею. У СШ № 4 пісалі не толькі старшакласнікі, але і вучні сярэдніх класаў, для якіх адаптавалі прапанаваныя тэксты. У педкаледжы палічылі, што “Беларуская песня” больш пасуе навучэнцам, а “Думкі пра мову” – выкладчыкам. Кіраўнікі і супрацоўнікі садка “Караблік дзяцінства” пісалі разам з бацькамі выхаванцаў. У гімназіі, апрабаваная летась методыка арганізацыі дыктовак дала рэкордную лічбу – 205 удзельнікаў!
Да іх далучыліся новыя – з шырокіх нясвіжскіх ваколіц. У Карцэвічах дыктоўку пісалі ў школе і мясцовым клубе.
– Ды не толькі пісалі, – удакладняе Станіслава Вальчык, – з душэўным клопатам гаварылі пра мову, яе сённяшні стан, давалі парады, выказвалі прапановы.
Старанна выводзілі слоўка за слоўкам вучні Лысіцкай школы, а таксама Грыцкавіцкай, Ланскай, Пагарэльцаўскай, Навасёлкаўскай… У Гарадзеі актавісты ТБМ і кіраўнікі дзвюх мясцовых школ вырашылі: разам і дыктоўку пісаць лягчэй. Каля сотні ўдзельнікаў змясціла прасторная зала школы № 2 г.п.Гарадзея. Поплеч, рука ў руку занатоўвалі “Думкі пра мову…” вучань і настаўнік, рабочы цукровага завода і гарадзейскі пенсіянер. Падзяліць радасць супольнай дзеі прыехалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Алена Клішэвіч.
Да ліку нясвіжскай тысячы далучыліся навукавыя супрацоўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” , сябры Дома польскага, а падчас хатніх дыктовак – людзі сталага веку, жыхары аддаленых вёсак. Лік удзельнікаў асабліва цешыць, бо словы сёлетняй дыктоўкі “Думкі пра мову: ад Скарыны да Разанава” заклікаюць жыць з роднай мовай, карыстацца ёю штодня, заставацца беларусамі, каб і падчас перапісу словы Васіля Быкава з любоўю і гонарам прамовіў кожны.
Наталля Плакса,
Нясвіж.