Прэзентацыя кнігі былога старшыні Баранавіцкага ТБМ, краязнаўца, гісторыка, дырэктара Цешаўлянскай сярэдняй школы Васіля Дубейкі, якая атрымала назву “Багрымаў Крашын”, адбылася 19 студзеня ў крашынскім Доме культуры. У імпрэзе ўзялі ўдзел як мясцовыя жыхары, так і сябры і калегі Васіля Дубейкі з райцэнтра і іншых населеных пунктаў Баранавіцкага раёна.
Гэта ўжо другая кніга Васіля Міхайлавіча, якая пабачыла свет за апошнія месяцы. Зусім нядаўна Васіль Дубейка прадставіў на суд чытачоў яшчэ адну сваю кніжку “На беразе Мышанкі”, назва якой гаворыць сама за сябе. Чаму Крашын, не Крошын (назва адміністрацыйнай адзінкі)? Аўтар тлумачыць гэта тым, што мясцовыя жыхары менавіта так называлі раней сваю вёску. Больш таго, на картах 19 стагоддзя афіцэры Генелальнага штаба, якія мелі шчыльныя стасункі з тутэйшымі людзьмі, менавіта так пазначылі яе назву.
Падчас сустрэчы Васіль Дубейка расказаў пра змест новай кнігі, азнаёміў прысутных з яе раздзеламі і ўвогуле расказаў слухачам пра гісторыю нашага краю, якую ён вывучае ўжо больш за трыццаць год, прыехаўшы на працу ў наш раён пасля заканчэння ўніверсітэта. Дарэчы, і кнігі гэтыя былі напісаныя прыкладна дваццаць год таму і проста чакалі свайго часу. Але… Прыдатны час надыходзіць не заўсёды і не для ўсіх. Таму, не дачакаўшыся фінансавай дапамогі ад патэнцыйных фундатараў, Васіль Міхайлавіч, параіўшыся з жонкай Ірынай, якая, дарэчы, таксама выдала ўжо не адну кнігу на гістарычную тэматыку, вырашыў “даць дарогу” сваім зборнікам за ўласныя грошы. Як гаворыць ён сам, рызыкнуў не дзеля таго, каб “наварыцца”, а проста, каб, выдаўшы і рэалізаваўшы першую кніжку, за атрыманыя грошы выдаць наступную… Адразу скажам, што кнігі гісторыка Дубейкі разлятаюцца, і ў яго ёсць усе шансы выпусціць і наступныя – пра паходжанне назваў населеных пунктаў нашага раёна, рэлігійнае жыццё ў Баранавіцкім краі, пра Міцкевіцкія мясціны… Прэзентацыя ў Крошыне і аўтограф-сесія паказалі, што ў Васіля Міхайлавіча ёсць усе шансы рэалізаваць задуманае.
Напрыканцы мерапрыемства Васіль Дубейка адказаў на пытанні прысутных, пасля чаго госці паглядзелі відэафільм пра мястэчка пад песні пра Крошын у выкананні народнага ансамбля песні “Крушына”, а для ахвочых была праведзена экскурсія па Доме культуры і музеі ў ім.
Вольга Іванчык,
сябра рады Баранавіцкай арганізацыі ТБМ.