У Менску ў выдавецтве Зміцера Коласа выйшла “Гісторыя Расіі ад сярэднявечча да сучаснасці: нарысы”.
Рэдакцыйны аўтарскі калектыў: кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Трусаў, кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі, кандыдат мастацтвазнаўства Аляксей Хадыка.
Рэцэнзенты: доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Краўцэвіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Павел Церашковіч.
536 с. з ілюстрацыямі.
Гісторыя Расіі нязменна выклікала цікавасць еўрапейскіх народаў, а найперш суседзяў. Гэтая кніга ўяўляе сабой спробу даць сінтэтычнае асэнсаванне расійскай гісторыі ад Сярэднявечча да нашых дзён, з беларускага гледзішча і на беларускай мове. У аснову кнігі пакладзены вынікі даследаванняў як расійскіх гісторыкаў і археолагаў, так і іх калег з розных краін Еўропы. Выданне забяспечана грунтоўнай бібліяграфіяй на 12 мовах свету. У кнізе таксама змешчана вялікая колькасць ілюстрацый, частка якіх ніколі не публікавалася. Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй.
Уводзіны пачынаюцца наступным чынам:
“Пісаць гісторыю любой імперыі досыць цяжка, бо аўтар сутыкаецца з рознымі міфамі, якія стагоддзямі трывала ляжалі ў падмурку светапогляду большасці насельніцтва імперыі. Расія не з’яўляецца выняткам, пагатоў цяпер назіраецца чарговы ўздым хвалі імперскай ідэалогіі.
Таму ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі мы зрабілі спробу выкласці гісторыю Расіі па-беларуску і з беларускага гледзішча на працэсы гістарычнага развіцця нашага ўсходняга суседа.
У нашай кнізе шмат імён і нрозвішчаў. Чытачу няма неабходнасці запамінаць іх усе. Але мы цудоўна разумеем, што любую гісторыю робяць асобы. I гэта не толькі кіраўнікі дзяржавы ды палкаводцы, але і выбітныя грамадскія дзеячы, навукоўцы, пісьменнікі, мастакі, архітэктары, ску-льптары, кампазітары, акторы, а таксама і тыя звычайныя людзі, якія, напрыклад, пакінулі нашчадкам свае неацэнныя ўспаміны пра ўласныя трыумфы і пакуты.
Асноўныя паняцці і тэрміны з расійскай гісторыі, спісы рэкамендаванай літаратуры, якія падаюцца намі ў канцы кожнага раздзела, павінны разглядацца як дадатак да асноўнага тэксту кнігі…”
Наклад кнігі ўсяго 300 асобнікаў, але па ўсёй верагоднасці паўторыцца сітуацыя з папярэднімі кнігамі аўтарства Алега Трусава, будуць і 2-е, і 3-е выданні.
Яраслаў Грынкевіч.