20 кастрычніка ў Варшаве пачынаюцца заняткі ў Пункце вывучэння беларускай мовы. Ён дзейнічае ўжо другі год запар, а з’явіўся па ініцыятыве бацькоў, якія хочуць навучыць сваіх дзяцей роднай мове. Прычым беларуская родная як для карэнных жыхароў Польшчы, так і для тых, хто пераехаў з Беларусі жыць у Варшаву.
Пункт вывучэння беларускай мовы адкрыўся ў 2017 годзе пры варшаўскай пачатковай школе № 395 імя рот-містра Вітольда Пілецкага, якая знаходзіцца на вул. Сера-коўскага, 9, каля станцыі метро “Двожац Віленьскі”. Пункт працягвае працу сёлета.
Яанна Стальмашчык:
– Гэта пункт для дзяцей, якія з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы і ходзяць у вар-шаўскія школы або дзіцячыя садкі, адчуваюць сваю прыналежнасць да беларускай меншасці і хочуць вывучаць родную мову. Так трэба разумець гэты Пункт. Гэта не пункт, не школа для дзяцей беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу, як гэта разумее частка бацькоў. Дзяцей у нас няшмат. Летась было тры групы. Была малодшая і старэйшая дзетсадаўскія групы і школьная група. Кож-ная група налічвала ад трох да пяці чалавек. Сёлета трохі зменіцца структура. Прыбудзе некалькі дзяцей. Будзе група дзетсадаўская і дзве школьныя – малодшая і старэйшая. Бо шасцігадовыя дзеці сталі сямігадовымі і перайшлі з дзіцячага сада ў школу. А школьнікі таксама падраслі і будуць вучыць, апрача мовы, яшчэ і гісторыю, і культуру Беларусі.
Жыхарка Варшавы Ганна Чаравацкая невыпадкова прывяла дзвюх дачок у Пункт вывучэння беларускай мовы. Яе сям’я паходзіць з-пад Гайнаўкі на Падляшшы, прабабка са Слоніма, а ў дзеда ў ваенным білеце была ўпісана беларуская нацыянальнасць.
Некаторыя бацькі прыводзяць сваіх дзяцей у пункт вывучэння беларускай мовы і адначасова з’яўляюцца настаўнікамі. Як Ганна Плаш-чынская, якая выкладае беларускую мову і літаратуру дзеткам ва ўзросце 3-4 гадоў. Яе сыну чатыры гады, і ён таксама вучыцца ў Пункце.
Вядомы ў Варшаве прысяжны перакладчык з бе-ларускай мовы Марыя Луцэвіч-Напалкава прывяла ў Пункт вывучэння мовы дваіх дзяцей, якія ўжо добра валодаюць мовай, бо гавораць на ёй дома.
З’яўленне пункта вывучэння беларускай мовы стала магчымым дзякуючы намаганням жыхаркі Варшавы Караліны Лукашэвіч, выпускніцы кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Яна працуе ў Міністэрстве нацыянальнай адукацыі Польшчы і расказала, што такія пункты створаны ў сталіцы Польшчы і для некаторых іншых нацыянальных меншасцей: армян, немцаў і ўкраінцаў.
Пункт вывучэння беларускай мовы шукае выкладчыкаў беларускай мовы, якія маюць педагагічную адука-цыю. Заробак абяцаюць, праўда, невялікі. Ахвочыя могуць звяртацца непасрэдна да дырэктара школы або да ініцыятыўнай групы Пункта па электроннай пошце: sadok. warszawa@gmail.com.
Віктар Корбут.