Напярэдадні новага навучальнага года ў Беларусі была афіцыйна зарэгістравана яшчэ адна каталіцкая навучальная ўстанова – тэалагічны каледж імя святога Казіміра, які будзе дзейнічаць у Гародні.
28 жніўня Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ўручыў біскупу Гарадзенскаму Аляксандру Кашкевічу Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі “Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра” Гарадзенскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Галоўнай задачай гэтай духоўнай навучальнай установы з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гарадзенскай дыяцэзіі.
У каледжы можна будзе атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцельнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі і іншых дысцыплін згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.
Гарадзенскі тэалагічны каледж распачне сваю дзейнасць ужо ў гэтым навучальным годзе, прапануючы навучанне па дзвюх спецыялізацыях: катэхетыка (для жадаючых працаваць катэхетам) i агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса).
catholic.by.