У гэтым годзе беларускі палітык і журналіст Радыё Свабода Сяргей Навумчык напісаў чарговую кнігу пра пачаткі новай беларускай дзяржаўнасці “Дзевяноста трэці”. Перад гэтым у яго былі напісаныя кнігі пра 1991, 1992, 1994 і 1995 гады — першыя гады існавання незалежнай беларускай дзяржавы. За многія гады сп. Навумчык сабраў вялікі архіў па найноўшай гісторыі Беларусі і, у першую чаргу, сценаграмы ўсіх сесій Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання.
Маючы несумненны журналісцкі талент, Сяргей Навумчык дзякуючы напісанню вышэйзгаданых кніг паступова станавіўся і прафесійным гісторыкам, які стараецца аб’ектыўна глядзець на падзеі і факты з розных бакоў і даваць ім прынцыповую ацэнку.
На маю думку, апошняя кніга Сяргея Навумчыка самая лепшая з шэрагу папярэдніх выданняў, бо ўласныя захапленні аўтара, ці наадварот, негатыўнае стаўленне да розных палітычных асобаў найноўшай гісторыі Беларусі ўжо не з’яўляюцца журналісцкім экспромтам, эмацыйным крыкам душы, а ёсць грунтоўнымі развагамі гісторыка, непасрэднага ўдзельніка палітычнага жыцця краіны ў пераломным 1993 г.
Гэты год быў вельмі цяжкі для нашай краіны. Жыццё людзей значна пагоршылася, у краіне ішла шалёная інфляцыя, узніклі розныя групіроўкі і структуры прыхільнікаў ліквідацыі незалежнай краіны і далучэння Беларусі да Расіі любой цаной, квітнела карупцыя і злачыннасць, шмат якія законы практычна не дзейнічалі.
У гэты пераломны час краінай кіравалі два чалавекі, старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч і старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. Паміж імі ішло змаганне за ўладу, прычым Кебіч меў вялікую падтрымку ў Вярхоўным Савеце і ўвесь час дамагаўся адстаўкі Шушкевіча, якога падтрымлівалі з пэўнымі агаворкамі дэмакратычныя дэпутаты, што былі ў меншасці. Сярод іх вылучалася апазіцыя на платформе БНФ, у якую ўваходзілі сябры дзвюх партый БНФ і БСДП(Г).
Увесь 1993-і год у ВС ішло змаганне паміж прыхільнікамі нейтралітэта краіны і вайсковага саюза з Расіяй. Вясной групы дэпутатаў (сярод якіх быў і Лукашэнка) сабралі 8 дзясяткаў подпісаў за правядзенне рэферэндума па гэтым пытанні (ці ўваходзіць у вайсковы саюз з Расіяй) і 9 красавіка іх прапанову падтрымаў Станіслаў Шушкевіч. Паколькі ішла нечарговая сесія ВС, вырашылі вярнуцца да гэтага пытання ў маі.
Але на наступнай сесіі Шушкевіч перадумаў, дэпутатаў не падтрымаў і рэферэндум так і не быў прызначаны. У выніку ў канцы 1993 г. перад сваім сыходам у адстаўку 31 снежня Шушкевіч падпісаў дамову “Аб калектыўнай бяспецы СНД”, якая дзейнічае і цяпер.
Шмат піша Навумчык пра развіццё нацыянальнага адраджэння ў нашай краіне і той супраціў, які чынілі яму прасавецкія і прарасійскія структуры. Асаблівы супраціў існаваў тады ў Віцебску, на радзіме Навумчыка, які ўзначаліў тагачасны старшыня Віцебскага гарсавета Валер Неўшаў. Зараз сітуацыя ў Віцебску не змянілася. Пра гэта аўтар кнігі піша на с. 337-338: “Прыехаўшы ў Віцебск у траўні 2016-га пасьля 20-гадовай адсутнасьці, я ўбачыў спрэс зрусіфікаваны горад — такім маглі б быць Тула, Вятка альбо Кемерава. Расейскамоўныя вітрыны (нават з “Ъ”), расейскія цыбуліны на храмах, аднаўленьня якіх дамагліся мы ў канцы 1980-х — пачатку 90-х, і за некалькі дзён я пачуў толькі адно беларускае слова (калі не лічыць родных і сяброў). Затое таксісты, не стрымліваючы сябе ў нэгатыўнай ацэнцы Лукашэнкі (“маленькие зарплаты”), хацелі, каб прыйшоў Пуцін і навёў парадак (“и зарплаты нам сделал, как в России”)”.
Аднак цёплым словам Навумчык згадвае пра дзейнасць на ніве нацыянальнага адраджэння віцэ-прэм’ера Міхаіла Дземчука, міністраў інфармацыі, культуры і замежных спраў Анатоля Бутэвіча, Яўгена Вайтовіча і Пятра Краўчанку. Згадвае ён станоўча публікацыі ў газеце Міністэрства абароны “Во славу Родины” Валянціны Раманцэвіч, падпалкоўніка Святаслава Асіноўскага і капітана Аляксандра Карлюкевіча. Дарэчы, апошні зараз займае пасаду Міністра інфармацыі.
У 1993 г. былі надрукаваныя новыя падручнікі па гісторыі Беларусі, расквітнеў гістарычны часопіс “Спадчына”, урочышча Курапаты ўнеслі ў спіс дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Падрабязна апавядае Навумчык пра тагачасныя СМІ, як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя, і пра іх падзел на дэмакратычныя і тыя, што напрамую агітавалі супраць незалежнай краіны і нацыянальнага адраджэння. Аўтар цытуе цікавыя месцы з некаторых публікацый тагачасных газет.
Мне найбольш спадабалася наступнае выказванне Васіля Быкава на с. 390: “Нацыяналізм бывае розны, — пісаў Быкаў, — як і яго палітычныя антыподы. Характар яго вызначаюць шмат якія элементы нацыянальнай сутнасьці, геапалітычнай канкрэтнасьці. Нацыяналізм датчан ці фінаў, напрыклад, зусім іншая з’ява, чым арабскі нацыяналізм. Зноў жа, у пэўных абставінах нават і антыподы могуць стацца роднаснымі, калі не па форме, дык па сэнсе. Прыгадаем расейскі бальшавізм і нямецкі фашызм, гэтыя два канцы адной палкі. Беларускі нацыяналізм больш вядомы як нацыянал-дэмакратызм, ён ня супраць каго-небудзь, ён — за. Найперш за лёс свае нацыі”.
Напрыканцы кнігі Навумчык упершыню друкуе ўнікальны гістарычны дакумент – магнітафонны запіс гутаркі Шушкевіча з дэпутатамі апазіцыі наконт стварэння ў Беларусі новага кааліцыйнага ўраду. На жаль, Шушкевіч гэтую прапанову не падтрымаў, як і не падтрымаў генералаў Шыркоўскага і Ягорава, кіраўнікоў КДБ і МУС, якія пісьмова выступілі супраць палітыкі Кебіча, які ствараў у Савеце міністраў структуры, непрадугледжаныя Канстытуцыяй, але якія моцна спрыялі карупцыі.
У выніку генералаў адправілі ў адстаўку, а потым з дапамогай дэпутата Лукашэнкі нібыта за крадзеж скрынкі цвікоў пакінуў сваю пасаду і Станіслаў Шушкевіч. Ён лічыў сябе самым разумным у ВС і таму не ствараў сабе групу падтрымкі, пра што не раз казалі яму дэмакратычныя дэпутаты.
Вядома, ёсць у кнізе і дробныя памылкі ці недакладнасці. Так, напрыклад, на с. 258 Анатоль Грыцкевіч стаў Валянцінам (сваім малодшым братам), а вядомая галадоўка і збіццё дэпутатаў апазіцыі ў будынку парламента адбылося не ў кастрычніку, а ў красавіку 1995 г. (на с. 200). Але на якасць ўсяго матэрыяла кнігі гэта не паўплывала.
Таму я раю ўсім зацікаўленым беларускай гісторыяй грамадзянам Беларусі (і не толькі), а таксама перадусім журналістам уважліва прачытаць гэтую кнігу. Дарэчы, мне, як актыўнаму ўдзельніку тых падзей, 2018 г. нагадвае той 1993-і…
Алег Трусаў